Беларуская Служба

Беларускі эмігрант: «Шкада, што не атрымалася ў 20-м зрабіць новую Беларусь, але новага сябе ўжо раблю»

31.01.2025 18:43
Каб не эміграцыя, сядзеў бы ў сваёй Беларусі, у студыі і нічога б там не рабіў, толькі баяўся б. Цяпер нават удзячны лёсу, што ўсё так павярнулася, — лічыць музыкант, які працягвае іграць у Польшчы на барабанах і працуе выключна на сябе.
Аўдыё
  • Беларускі эмігрант: «Шкада, што не атрымалася ў 20-м зрабіць новую Беларусь, але новага сябе ўжо раблю».
 . ,     - .
Ілюстрацыйны здымак. Горад, у якім жыве Ігар - Познань. Фота: Беларуская служба Польскага радыё / Павел Залескі

Харткорт, рэгі, рок…

Ігар — музыкант. Кажа, што ў дзевяць гадоў з’явілася гітара ў доме, а з чатырнаццаці пачаў іграць на барабанах і з таго часу з музыкай не расстаецца. Хаця, як прызнаецца, музычнай адукацыі не мае.

— Калі пачалі сустракацца з хлопцамі на студыі, то там мяняліся інструментамі. Я сеў за барабаны і з таго часу больш не выходжу адтуль. Іграў, можа, больш чым у сотні гуртоў, але да першай рэпетыцыі з іх дайшло каля трыццаці, а па-сапраўднаму сур’ёзных было каля сямі. З імі ігралі на канцэртах і дайшлі да запісу ў студыі. У юнацтве іграў харткорт, рэгі, рок.

Працаваў на складзе і жыў там

У Польшчу Ігар патрапіў перад пачаткам вайны. Згадвае, што ў Беларусі яму ўжо было небяспечна заставацца, паколькі затрымалі яго сябра. Аднак у Польшчы першапачатковыя планы яго змяніліся. Паўплывала вайна і наплыў украінскіх уцекачоў у Польшчу.

— Я, у прынцыпе, прыехаў на сталую працу і меў канкрэтныя планы, што рабіць, але з пачаткам вайны быў папросту паралізаваны — гэта, напэўна, найбольш дакладнае слова, каб ахарактарызаваць тую сітуацыю. Паралізавала так, што не мог недзе працаваць на сябе, а пабачыў, што патрабуецца валанцёрская дапамога, і пайшоў працаваць на склад, дзе выдавалі дапамогу ўцекачам. Першыя сорак дзён я і працаваў на тым складзе і жыў там, спаў на гуманітарных матрацах. Займаўся тым, што арганізоўваў працэс выдачы гуманітаркі ўкраінскім уцекачам. Гэта быў вельмі цяжкі перыяд у маім жыцці, бо пабачыў так шмат людскога гора, няшчасных людзей. Пазней праз валанцёрскую арганізацыю мне дапамаглі знайсці пакой, і жыццё пайшло ў іншым кірунку.

— Ігар, а з таго часу, калі валанцёрылі, што найбольш запомнілася, што ўрэзалася ў памяць?

— Была адна гісторыя, якая не забываецца дагэтуль. Прыехала жанчына з той Бучы, дзе адбываліся ўсім вядомыя падзеі. Ляцеў самалёт у кірунку аэрапорту, а яна, калі пабачыла, пачала трэсціся і ўцякаць у будынак, у яе паніка. Мы ёй крычалі, што гэта грамадзянскі самалёт, але толькі гарачая гарбата і цёплая коўдра супакоілі яе… Мне гэта запомнілася назаўсёды.

Цяжкі быў перыяд…

У далейшым Ігар хацеў вярнуцца да сваіх жыццёвых планаў, хацеў проста працаваць, марыў ездзіць у Беларусь, але, як сам згадвае, нічога такім чынам не атрымлівалася, жыццё дыктавала свае ўмовы.

— Я пайшоў працаваць на будоўлю, але праз некаторы час мяне накрыла цяжкая дэпрэсія. Не мог працаваць, цяжка было схадзіць у краму, нават у душ не мог схадзіць. Цяжкі быў перыяд і яшчэ зламаў ногу ў той час. Практычна паўгода было вельмі складана жыць у маральным сэнсе.

— Як вы з гэтага выходзілі, вам нехта дапамагаў?

— Побач быў брат, праўда, ён не шмат зарабляў, але неяк нам удалося пражыць той час. Зараз у яго сітуацыя палепшылася, і ў мяне крок за крокам наладзілася.

Трэба было адпусціць…

Ігар, хутчэй за ўсё, па сваёй сціпласці, не распавядае пра ўсе сапраўдныя цяжкасці, якія яму давялося перажыць падчас дэпрэсіі, але ўсё ж цікава пра гэта ведаць, каб тыя, каго гэта зачэпіць, мелі хаця б чужы досвед.

— Цэлы час наважваўся нешта рабіць, але пазней зразумеў, што да некаторай ступені варта адпусціць сітуацыю і даць сабе магчымасць проста адхварэць. Зразумеўшы гэта, стаў папросту чакаць, калі ўсё скончыцца. Пазней спрабаваў уладкавацца на працу, але нічога з гэтага не выйшла. Урэшце сабраўся і паехаў у Варшаву да свайго сябра. І ўжо там апынуўся ў патрэбным месцы і ў патрэбны час. Знайшоў працу, ездзіў па Польшчы, гандляваў таварамі і шукаў кліентаў.

Раблю магніцікі на лядоўню

Паводле Ігара, шмат што змянілі вандроўкі па краіне: новыя месцы, гарады, людзі. Пабачыў, наколькі Польшча прыгожая краіна. Ад гэтага стала лепш. Спачатку працаваў на фірму, а недзе праз год вырашыў, што будзе працаваць толькі на сябе.

— Зараз раблю сувенірную прадукцыю. Раблю магніцікі на лядоўню з рознымі гарадамі і прадаю. У мяне ўжо шмат кантактаў па ўсёй Польшчы і бачу ў гэтым перспектыву. Пазычыў грошай на машыну, якая выразае магніцікі, супрацоўнічаю з дызайнерамі і шукаю свайго кліента.

Прыехаўшы ў Польшчу, ведаў толькі алфавіт

Цяпер апошнім часам суразмоўца кажа, што пачаў адчуваць сябе больш стабільна. А яшчэ адкрыў для сябе важную дэталь, што хадзіць на працу да некага ў яго не атрымліваецца, маўляў, такі характар, а таму знайшоў сябе ў тым, што пачаў працаваць на самога сябе. Яшчэ ў яго быў цікавы досвед, калі вучыў польскую мову.

— Я, калі яшчэ выязджаў з дому, то разумеў, што давядзецца вучыць замежную мову, а таму алфавіт польскі ўжо ведаў. Гэта мне дапамагло, бо хадзіў па горадзе, чытаў розныя надпісы, аб’явы. А потым адзін паляк мне сказаў, што польская і беларуская мова падобныя на 70%. Стаў выкарыстоўваць беларускія словы, імкнучыся дадаваць канчаткі на польскі лад. З мяне смяяліся, але разумелі, і гэта было галоўнае.

Удзячны лёсу

Пазней Ігар пачаў навучаць польскіх падлеткаў іграць на барабанах і дзякуючы гэтаму падцягнуў свае веды ў польскай мове. Цікаўлюся ў яго, ці не шкадуе, што жыццё закінула ў новую краіну і давялося сутыкнуцца з няпростым лёсам.

— Інакш так бы і сядзеў у сваёй Беларусі, у сваёй студыі і нічога б там не рабіў, толькі баяўся б. Цяпер нават удзячны лёсу, што ўсё так павярнулася. Шкада толькі, што тады ў 20-м годзе не ўдалося зрабіць новую Беларусь, але новага сябе, прынамсі, ужо раблю.

Вось так Ігар распачаў у Польшчы сваю справу, працягвае іграць на барабанах і вучыць гэтаму іншых. Эміграцыя для яго стала, як сам кажа, своеасаблівай чысткай у жыцці: ён пазбавіўся шмат чаго непатрэбнага і набыў новае.

Слухайце далучаны гукавы файл

Павел Залескі